Больш за тысячу дзяцей займаюцца спортам у Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Цудоўным падарункам для іх стала адкрыццё абноўленай спартыўнай базы.
Палац творчасці наведваюць амаль 3 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, трэць з іх выбралі спартыўныя аб’яднанні па інтарэсах. Дзюдо, гімнастыка, плаванне, шахматы і многія іншыя віды спорту даступныя для шырокага кола школьнікаў і нават зусім маленькіх гродзенцаў. З уводам у эксплуатацыю ў кастрычніку мінулага года пасля капітальнага рамонту басейна, а цяпер яшчэ і сучаснай спартыўнай залы, магчымасцей для заняткаў стала яшчэ больш.
Чаму дзеці наведваюць спартыўныя секцыі менавіта тут? Паразмаўляўшы з бацькамі і педагогамі дадатковай адукацыі, а толькі спартыўны кірунак прадстаўляюць каля 30 чалавек, даведалася, што ў Гродне вырасла цэлае пакаленне выхаванцаў Палаца творчасці дзяцей і моладзі, ці Палаца піянераў, як ён называўся раней. Былыя піянеры і акцябраты сёння водзяць сюды на заняткі не толькі сваіх дзяцей, але ўсяго нават і ўнукаў. Ім імпануе высокі ўзровень трэнерскага складу. Многія бацькі пытаюцца, ці працуе яшчэ трэнер, што прывіў ім самім некалі любоў да спорту. І абавязкова мараць аддаць сваіх дзетак менавіта пад яго апеку.
Як расказала метадыст аддзела спартыўна-аздараўленчай работы абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Жанна Жвалеўская, толькі ў спартыўным кірунку працуюць 82 аб’яднанні па інтарэсах. Ёсць магчымасць выбраць пэўны від спорту — ад асноў рукапашнага бою і каратэ да эстэтычнай гімнастыкі. Шмат гадоў адным з вядучых напрамкаў застаюцца шахматы. Тут жа праходзяць абласныя і гарадскія спаборніцтвы па гэтым відзе спорту. На базе Палаца творчасці адкрыты абласны рэсурсны цэнтр па спартыўным арыентаванні. З мінулага года тут можна займацца дзюдо. Юныя спартсмены, якія займаюцца менавіта гэтым відам спорту, па сутнасці і адкрывалі новую спартыўную залу. На татамі выйшлі ўдзельнікі алімпійскіх дзён моладзі Гродзенскай вобласці па дзюдо. Арганізатары спаборніцтваў адзначылі высокі ўзровень спартыўнай базы, створаныя цудоўныя магчымасці для заняткаў. Цяпер бацькі юных спартсменаў могуць камфортна сачыць за іх выступленнямі.
Мы в соцсетях & RSS