«STOP-наркотык. Канікулы – час здароўя»

01.11.2024

У рамках абласной прафілактычнай акцыі, якая праводзіцца на канікулах у аздараўленчых лагерах пад дэвізам “Мы супраць наркотыкаў!”, на Дзятлаўшчыне стартаваў раённы трэйсер “Антынаркатычны аўтобус”.

Як расказала старшыня раённага савета ГА “БРПА”, яна ж каардынатар раённага валанцёрскага клуба “Мы разам!” Ірына Мішчанка, удзел у ім прымалі першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына  Хілімончык, сацыльны педагог СПЦ горада Дзятлава Іна Нічыпаровіч, дэпутаты і члены Моладзевага парламента, валанцёры клуба “Мы разам!”. У аснове мерапрыемства была папулярызацыя і прапаганда здаровага ладу жыцця. Ірына Анатольеўна падкрэсліла, што арганізатары акцыі рэалізоўвалі свае задачы праз прыцягненне адпачывальнікаў школьных летнікаў да актыўнай рухальнай і інтэлектуальнай дзейнасці. Таму з усімі навучэнцамі, у лагеры да якіх прыехаў “Антынаркатычны аўтобус”, а пабываў ён у Раклевічах, Наваельні, Дварцы, Круцілавічах, былі праведзены цікавыя гульні і конкурсы, у час якіх дзеці ў дружнай кампаніі сяброў не толькі ўзгадалі, чым небяспечныя наркотыкі і як ад іх засцерагчыся, але і выпрабавалі свае кемлівасць, хуткасць і спрыт.

Напрыканцы ў час флэш-мобу “Мы супраць наркотыкаў!” непаўналетнія атрымалі тэматычныя лістоўкі і буклеты з карыснай інфармацыяй, якая дапаможа не толькі пазбягаць згубных залежнасцяў, але і знаходзіць ім карысную альтэрнатыву.

поделиться в: