На Дзятлаўшчыне прайшла прафілактычная анлайн-размова з навучэнцамі школ раёна, скіраваная на барацьбу са шкоднымі звычкамі і ўжываннем наркатычных рэчываў

05.03.2024

“Мы выбіраем здаровы лад жыцця!”

 

Пад такім дэвізам на Дзятлаўшчыне прайшла прафілактычная анлайн-размова з навучэнцамі школ раёна, скіраваная на барацьбу са шкоднымі звычкамі і ўжываннем наркатычных рэчываў.

На віртуальную дыялогавую пляцоўку дзяцей запрасіла загадчыца аддзялення дадатковай адукацыі раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, старшыня раённай піянерскай арганізацыі Ірына Мішчанка.

– Праблема барацьбы з наркаманіяй на планеце ў наш час адчуваецца асабліва востра, – адзначыла Ірына Анатольеўна. – Колькасць людзей, якія ўжываюць наркотыкі перавышае 3 % насельніцтва Зямлі, згубная звычка закранае каля 30 мільёнаў чалавек. Напрыклад, у суседняй Расіі не засталося ніводнага рэгіёна, дзе не былі б зафіксаваны выпадкі ўжывання псіхатропных рэчываў. У час нашага дыялогу мы ўзгадаем аб наступствах наркаманіі для здароўя чалавека, павучымся супрацьстаяць шкодным звычкам і ціску аднагодкаў, якія раяць “пакаштаваць”, будзем фарміраваць здаровую жыццёвую пазіцыю.

Разам з Ірынай Мішчанка юныя ўдзельнікі анлайн-форуму паразважалі, чаму людзі пачынаюць прымаць наркотыкі, узгадалі, якую шкоду псіхатропы наносяць чалавечаму арганізму. Свае веды па праблеме школьнікі замацавалі ў час брэйн-рынгу “Зона рызыкі”. Напрыканцы яны зрабілі канчатковую выснову, што толькі здаровы лад жыцця адкрывае перад чалавекам новыя гарызонты магчымасцяў, а папяровыя далонькі, якія ўдзельнікі анлайн-сустрэчы змайстравалі самі, дапамаглі ім абмяняцца добрымі пажаданнямі, дзе галоўнымі былі, вядома ж, – свабоды ад згубных звычак і моцнага здароўя.

поделиться в: