Ад інтэрнэта да школьнага музея

28.02.2024

Ад інтэрнэта да школьнага музея

У Жукоўшчынскай базавай школе ў рамках раённага праекта адкрытых субот адбылося чарговае мерапрыемства шостага школьнага дня. У фармаце работы кейс-студыі на адной пляцоўцы сустрэліся 3 каманды з ліку педагогаў-арганізатараў раёна, членаў ГА “БРПА” Раклевіцкай і Жукоўшчынскай базавых школ.

Прысутных урачыста павіталі навучэнцы абедзвюх установаў, прадэманстраваўшы свае творчыя таленты. Як разнастаіць адукатыўны і выхаваўчы працэс з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, зрабіць яго больш цікавым, даступным, зразумелым і наглядным для навучэнцаў, абмеркавалі на сустрэчы педагогі. Загадчыца аддзялення дадатковай адукацыі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, старшыня раённай піянерскай арганізацыі Ірына Анатольеўна Мішчанка паразважала аб тым, што ІКТ-кампетэнтнасць у наш час, згодна з прафесійным стандартам, з’яўляецца актуальным патрабаваннем да педагога.

Другая частка работы кейс-студыі была прыкладной і праходзіла ў цесным узаемадзеянні з навучэнцамі. Спачатку актывісты піянерскай дружыны Жукоўшчынскай базавай школы прадставілі творчую справаздачу аб тым, як яны змагаюцца за прысваенне дружыне імя славутага земляка Ігната Дварчаніна. Затым дзеці і дарослыя ўключыліся ў інтэлектуальна-забаўляльную гульню “Піянера-важацкі КВІЗ” і на справе даказалі, што падобныя інтэрактывы спрыяюць развіццю інтэлектуальна-творчых здольнасцяў школьнікаў. Вядома ж, на пляцоўцы для кемлівых вызначыліся пераможцы і прызёры: бясспрэчным лідарам стала “Каманда”, на другім месцы аказаліся “Зорачкі”, трэцяе занялі “Мандарыны”.

Усе каманды адзначаны адпаведнымі дыпломамі ад раённай арганізацыі ГА “БРПА”. Не меншую цікавасць у прысутных выклікаў рэгтайм па арганізацыі вольнага часу і пазаўрочнай дзейнасці навучэнцаў праз экскурсійныя формы работы. У час яго дзеці і педагогі наведалі музей Жукоўшчынскай базавай школы “Літаратурная Дзятлаўшчына” і пазнаёміліся з творчасцю землякоў.

Фотогалерея: