Калі з механікаў вырастаюць спартсмены

04.11.2021

“Які ж хлопчык не любіць хуткай язды,” — хочацца перафразаваць словы класіка, калі назіраеш, як юныя картынгісты праносяцца міма па трэку. Пах паленай рызіны, вецер у твар, адчуванне скорасці і еднасці з дарогай… Той, хто хоць раз ганяў на карце, не забудзе гэтага адчування ніколі. Напэўна, таму гэты напрамак тэхнічных відаў спорту не губляе сваёй актуальнасці дзесяцігоддзямі.

Упарты і апантаны

Штогод у нашай краіне праводзіцца мноства спаборніцтваў па картынгу як сярод юнакоў, так і сярод дарослых спартсменаў. Адну з наймацнейшых каманд у гэтым відзе спорту рыхтуе педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Валерый Анатольевіч Шурпакоў. Яго выхаванцы ніколі не вяртаюцца са спаборніцтваў без медалёў ці кубкаў, а выпускнікі працуюць топавымі механікамі ў сусветна вядомых гоначных камандах.

“Гадоў з сямі я круціў гайкі ў май­стэрні дзеда, які працаваў механікам. Пасля купіў кнігу з моднай на той момант назвай “Картынг”. І ў мяне пачаўся новы жыццёвы этап: бацькі якраз пераехалі ў Гродна, і я запісаўся ў гурток пры Доме піянераў (зараз Палац творчасці). Дагэтуль памятаю, што запісваўся ажно 173-м, а пасля мяне была яшчэ даволі вялікая чарга. Праз нейкі час нас засталося ўсяго двое самых упартых і апантаных. Першы раз мне дазволілі пася­дзець (нават не праехаць!) у карце толькі праз год. Я ж дазваляю сваім выхаванцам сесці ў карт ужо праз месяц заняткаў. Ацаніце педагагічны пра­грэс!” — усмі­хаецца педагог.

Валерый Анатольевіч Шурпакоў:

Я не гадую гоншчыкаў. Імі пасля становяцца тыя, хто гэтага пажадае. Я ж выхоўваю людзей са стрыжнем унутры. Усяляк матывую іх на тое, каб знайшлі сябе ў жыцці, а таксама вучу разумным і адэкватным паводзінам на дарозе, стрэсаўстойлівасці і ўменню пралічваць сітуацыю наперад.

Дарэчы, да мінулага года Валерый Анатольевіч працаваў у Палацы творчасці ў тандэме з тым самым педагогам, да якога калісьці прыйшоў юнаком, — Аляксандрам Уладзіміравічам Сідневым.

Тэхнічны атракцыён

Заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах пачынаюцца з тлумачэння тэхнікі бяспекі. Другі этап — тлумачэнне асноў таго, як працаваць з інструментам. “Даю зразумець выхаванцам, што адразу за руль не скочыш, трэба паступова да гэтага прыйсці, атрымаць глыбокую тэарэтычную падрыхтоўку. Раблю з іх у першую чаргу механікаў і толькі пасля — спартсменаў. З хлопцаў павінны атрымацца мужчыны, якія ўмеюць нешта рабіць сваімі рукамі, — перакананы трэнер. — Рыхтуючы машыны ў майстэрнях, тлумачу, як усё ўладкавана ў картах, праходзім асновы абслугоўвання машын і падрыхтоўкі іх да руху. Гэтыя веды трэба адпрацаваць да аўтаматызму. І толькі калі я бачу, што дзіця гэта засвоіла, са­дзімся ў машыну і пачынаем практыкаваць кіраванне картам.

Гэты пачатковы этап “уваходжання ў спорт” трэнер параўноўвае з атракцыёнам — спачатку прыходзяць шмат дзяцей, кожны лічыць, што гатовы адразу садзіцца ў карт і ехаць, але калі хлопцы разумеюць, што не ўсё так проста і хутка, некаторым становіцца нецікава, і дзеці патроху адсейваюцца. Зноў жа, застаюцца самыя ўпартыя і ўлюбёныя ў тэхніку.

“У майстэрні мы праводзім шмат часу. Фронт работ рыхтую для хлопцаў загадзя. Напрыклад, зараз мы разбіраем стары карт, ачышчаем, збіраем яго нанова. Гэта доўгі працэс, калупацца ў дэталях будзем, магчыма, каля паўгода. Я спецыяльна зацягваю працу, каб выхаванцы гуртка маглі папрацаваць рукамі, прашчупаць кожны вузел машыны, — расказвае Валерый Анатольевіч. — Калі дзеці бачаць, што ты давяраеш ім сур’ёзную справу, што табе патрэбна іх дапамога, яны цягнуцца да педагога. А калі дзіця бачыць яшчэ і канкрэтны вынік сваіх дзеянняў — перабраны ўласнымі рукамі карт заводзіцца і на ім можна праехацца — шчасцю няма меж. Таму яшчэ адна мэта заняткаў у майстэрні — навучыць дзяцей выконваць не маментальную работу, а статычную, каб да канчатковага выніку праходзіў некаторы прамежак часу. Толькі так у будучага спартсмена паяўляюцца вера ў сябе, засяроджанасць на справе, самастойнасць”.

Аляксей Лісоўскі, выхаванец Валерыя Шурпакова, трохразовы чэмпіён Беларусі па картынгу:

Я ў картынгу ўжо каля 6 гадоў, 4 з іх езджу на спаборніцтвы. Выкід адрэналіну, вялікія хуткасці, дух саперніцтва — гэта тое, што прываблівае мяне ў гэтай спартыўнай дысцыпліне. Адчуваю, што станаўлюся больш вынослівым, трэніруецца сіла волі, адчуваю еднасць з сям’ёй, якая вельмі падтрымлівае мяне. Трэнера вельмі паважаю за тое, што вучыць усё ўмець рабіць уласнымі рукамі. Згадзіцеся, гэта патрэбная жыццёвая опцыя.