Выявы вечнага

19.06.2024

Выявы вечнага

Наш карабель зрабіў чарговы прыпынак у бухце «Добрасуседскай».  Дзень прайшоў пад дэвізам: «Заходзь сусед да суседа на вясёлую гутарку». Атрад «Брыганціна» дзяржаўнай установы адукацыі «Дварышчанская сярэдняя школа Лідскага раёна» нашага лагера адправіўся ў аг. Тракелі Воранаўскага раёна. Моладзь наведала гісторыка-краязнаўчы музей Тракельскай базавай школы. Асаблівую ўвагу хлопчыкаў і дзяўчынак прыцягнула экспазіцыя «Мы гэтай памяці верныя», прысвечаная ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і пахаваным у брацкай магіле аг.Тракелі . 

У музеі змяшчаюцца матэрыялы аб гісторыі стварэння 37-ай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі, аб яе ўдзеле ў абарончых бітвах у чэрвені 1941 года, план схема абароны г. Ліды, ветэранах дывізіі.

У двары школы прадстаўлены цікавы музейны экспанат – помнік любімага сабакі ўласніцы маёнтка Тракелі Варанец – Пурцэладзэ Юліі Васільеўны.

Пасля музея ўсе падышлі да помніка, устаноўленага на вышэй згаданай брацкай магіле. На граніце помніка прачыталі імёны Георгія Мікалаевіча Гараніна, Васіля Рыгоравіча Заўялава і Уладзіміра Канстанцінавіча Закіпнога. А таксама даведаліся, што тут знайшлі свой апошні прытулак яшчэ шаснаццаць невядомых салдат. Усе яны загінулі ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны і служылі ў 37-й стралковай дывізіі, узнагароджанай у пасляваенны час ордэнам Чырвонага Сцяга. У знак памяці аб героях вайны мясцовыя жыхары адну з вуліц назвалі імем Уладзіміра Закіпнога.

Аграгарадок Тракелі вядомы і яшчэ адной славутасцю, якая мае гісторыка-мастацкую каштоўнасць. Гэта храм Найсвяцейшай Панны Марыі, які з'яўляецца помнікам драўлянага дойлідства. Ён вядомы тым, што ў ім знаходзіцца цудатворны абраз, які ўцалеў пасля двух пажараў, падчас якіх храм згараў поўнасцю, а потым аднаўляўся сіламі мясцовых жыхароў. Пра гэта нам расказаў святар Юрый Бяганскі, які суправаджаў нас падчас прагулкі. Рабяты мелі магчымасць увайсці ў храм, прайсціся па дарожках уздоўж каскаду азёр, палюбавацца вялікай колькасцю дэкаратыўных раслін. Рабяты былі ў захапленні ад убачанага. Ужо потым выхавальнікі расказалі хлопцам , што ўся гэтая прыгажосць узнікла з прыездам у Тракелі святара Юрыя Бяганскага. Ён з'яўляецца прыкладам таго, як ідэя аднаго чалавека зрабіць прыгажосць не для сябе, а для ўсіх падтрымліваецца навакольнымі. І мы бачылі вынік агульных намаганняў жыхароў аг.Тракелі. Паездка аказалася ну вельмі інфарматыўнай і цікавай.

поделиться в: