ОЛ “Дружба”
23.08.2023ДАКРАНІСЯ ДА МІНУЛАГА
«Кросны», «лапці», «дыван», «карункі», «абрус» – словы, вядомыя для людзей старэйшага ўзросту. Сёння дзеці, якія наведваюць выхавальна-аздараўленчую ўстанову адукацыі “Дружба”, пазнаёміліся са значэннем гэтых слоў і са старажытнымі традыцыямі беларусаў: ткацтва, пляценне з лазы, вышыўка, вязанне кручком. Разглядаючы выставу, выхаванцы змаглі патрымаць у руках экспанаты, якім больш за 60 год. Дзеці вельмі здзівіліся, што раней многія беларусы хадзілі ў лапцях, насілі саматканае адзенне, упрыгожвалі хаты дыванамі, ходнікамі, фіранкамі,сурвэткамі, вышытымі ручнікамі. Хлопчыкаў уразіў пояс даўжынёй тры метры, якім падвязвалі кашулю дарослыя мужчыны. Дзяўчынкам захацелася назбіраць суніц у прыгожыя невялічкія самаробныя кошыкі і навучыцца вязаць карункі. Пасля наведвання выставы многія дзеці мараць убачыць на свае вочы кросны і паспрабаваць выткаць на іх дыван. Дакрануўшыся да экспанатаў, разгледзеўшы прыгожыя ўзоры, дзеці задалі шмат пытанняў і зразумелі, што ўмелі рабіць нашы продкі сваімі рукамі. Без павагі да традыцый старэйшага пакалення нельга стаць сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны. Менавіта таму адным з прыярытэтных накірункаў выхавання ў выхавальна-аздараўленчай установе адукацыі “Дружба” з’яўляецца знаёмства з гістарычным мінулым нашай Радзімы і традыцыямі сучаснасці.